Chapter Text
"Калі Бог пасылае цябе на зямлю, дык не пярэч Яму, бо можаш пазбавіць сябе вялікай весялосці. Шпіён ты, суддзя або карнік – а мо, і першае, і другое, і трэцяе – прымі з радасцю Ягоны наказ, бо Ён дае табе магутнасць і волю – волю жаданай гульні з жыццямі тых, каму Яго ніколі не пабачыць".
"Добра. Буду паўтараць гэта сабе, калі зноў такое трапіцца. Урэшце, сёння я іду ў самыя нізы чалавечых чынаў: туды, дзе фарба замяняе твар, а дарагі строй – душу.
Сёння я шукаю самай беднай душы ў самым багатым целе і самай багатай душы ў целе, акропленым гноем багацця.
Сёння я шпіёнка Бога, і суддзя Бога, і карніца Бога.
Мэркгефі-Да-Цахель.
Але найперш, усё-ткі, шпіёнка".
* * *
Размераная, зладжаная мітусня ў палоне раскошы. Сакатанне шкла на жырандолі, стракатасць вітражоў і жалобны ўздых выгнутай столі – вось яно, убранства бальнай залы палаца, дзе сёння сабраліся вярхі вельмішаноўных грамадзян Княства Аварам'ліш – дзяржавы вольных людзей трох народаў. Прынамсі, так апісаў яе вартаўнік Галоўнай палацавай брамы, да якога Мэркгефі, удаўшы з сябе замежніцу, падышла спытацца, што ён можа сказаць пра сваю краіну. "Дзяржава вольных людзей трох народаў" дзе, чамусьці, як Мэркгефі ўжо пабачыла, адзін з іх ненавідзела большая частка краіны. Ці бо вера няправільная, ці бо акцэнт не той.
"Шкада іх. Урэшце, першыя людскія Божыя дзеці".
Калі яна перайшла парог залы, ніхто не звярнуў на яе ўвагі, нават вартаўнікі. А так хацелася б! Ці не для таго яна абрала сабе гэты камзол жудаснага фіялетавага колеру, адзенне якога было забаронена насіць яшчэ толькі месяц таму? Ці не таму яна не хавала рогі і вушы? Якая шкода. А ўсё ж, яна шпіёнка. Гэта быў ейны абавязак – не прыцягваць залішняе ўвагі. Да тых, хто ёй будзе патрэбны, яна сама звернецца. А пакуль трэба знайсці сабе ўтульны куточак, пажадана, каля ежы, каб можна было заняць сябе якой-небудзь "натуральнай" і "звычайнай" дзейнасцю. Бо як жа без ежы на такім сходзе?
Народ кагосьці чакаў. Так, людзі невялікімі гронкамі па тры-сем асоб былі раскіданыя па прасторы, але ўсё азіраліся на дзверы; азіраліся з насцярогай. Па залі разносіўся ці то шэпт, ці то крык:
– Шлёндра! Княжская шлёндра!
Кожны і кожная з гасцей, імаверна, спадзяваліся, што іхную пагарду ніхто вакол не пачуе. Або, наадварот, імкнуліся ўдаваць прыстойнасць, а насамрэч разумелі, што ўсе іх тут падтрымліваюць.
Варта стаяла маўкліва, замкнуўшы свае рты за краты і навесіўшы на вочы заслону.
"Шлёндра? Гэта ўжо цікава. Ён сказаў, мне трэба шукаць распуснага чалавека. Хоць нешта падказвае, што гэта не яна".
– Чуеце, ідзе ўжо? Лярва! Валачэцца за Пані, як тая кудла прыдворная. Дарадца!.. Добра, напэўне, жыць, схаваўшыся пад чужую кажулю!..
– Ша, ідзе!
Дзверы расчыніліся, надзвычай ціха, хоць зазвычай яны рыпелі і ляскалі так, што з самага далёкага кутка залы, нават пры такім гомане, можна было пачуць, як нехта ўваходзіць.
Мэкгефі сумелася:
"Як яны толькі зразумелі? Неймаверныя людзі. Магчыма, сіла нянавісці дазваляе ім бачыць і чуць нават лепш за мяне".
Мэркгефі рушыла трохі бліжэй да цэнтра. Калі кагосьці настолькі палка абмяркоўваюць, значыць, яна або сапраўдная паскуда, або надзвычай добры і шчыры чалавек. Годны, як маглі б тут сказаць. Мэркгефі рэдка карысталася такімі словамі.
У залу ўвайшла жанчына высокая і ўсімі рысамі свайго твару вялікая, з доўгімі чорнымі курчавымі валасамі (варта адзначыць, бадай усе людзі, якіх Мэркгефі пакуль убачыла, былі чарнявымі), з выгляду гадоў трыццаці, апранутая ў белы аксамітны каптан з буйнымі залатымі гузікамі ад каўняра да таліі, падперазаны шырокім арнаментальным паясам (Мэркгефі здзівілася, калі, прыжмурыўшыся, заўважыла, што вышыты ён па-рувінску, васількамі: з чаго б нешта падобнае, створанае на чужой адсталай калоніі, насіла такая, відавочна багатая, жанчына?). Хоць памяшканне добра прагрэлі, яна была ў барвовага колеру кунтушы, падбітым воўнай. Пазней Меркгефі зразумела, чаму: пад ім была схаваная шабля.
Жанчына выйшла на сярэдзіну залы і павіталася:
– Шарэт. Ейная Мосць Вялікая Княгіня неўзабаве прыбудзе. Яна вельмі ўдзячная, што вы ўважылі Ейнае шчодрае запрашэнне і парадавалі Яе сваім прыездам, і выбачаецца, што вам прыходзіцца чакаць. З нагоды гэтага:
Яна адышла і ўказала рукой на ўваход. У залу ўкацілі немаленькі стол, напоўнены рознага кшталту прысмакамі і алкагольнымі напоямі. Госці значна ажывіліся і заўсміхаліся: якая ж Пані была наіўная і сарамлівая. Але тым жа лепш для іх: чым больш напоўніш сваё бруха і атруціш свой мозг, тым вальней будзеш аддавацца ўсялякім непрыстойным дзеям і нявартым спрэчкам. Шляхта гэта любіла.
Мэркгефі ўсцешылася: дурныя, дурныя і простыя людзі. Многія сяляне былі вартымі большай павагі. Але ў тым і быў доўг боскіх дзяцей – навучаць такі пясок, што сабраўся тут, думаць і паводзіцца правільна.
А што ёсць правільна, Мэркгефі цудоўна ведала.
Людзі падыходзілі да галоўнай госці гэтай вечарыны (Мэркгефі ні за што не назвала б гэта балем), прыязна віталіся, многія нават спрабавалі весці свецкія размовы. Нельга было сказаць, што жанчына супраціўлялася: ветліва і спакойна размаўляла з усімі, нават з тымі, хто пасля ейнага з'яўлення працягваў глядзець на яе з агідай.
– Вашаць Агар... Вашаць Агар!.. Вашаць Агар?..
Матылькі падляталі да агню і, не зацікавіўшыся ягоным холадам, неўзабаве аддаляліся, вяртаючыся да сваіх кветак і сяброў-вусеняў.
Да прысаку падкацілася манета, узнялася над ім і зазвінела, гуляючыся з языкамі полымя.
– Вашаць Агар!
Мэркгефі вырашыла, што гэта мусіць быць цікавы досвед. Чакаць прыйдзецца доўга, а гэтая пані можа нават падказаць, хто будзе сённяшнім вучнем-ахвярай.
Агар сустрэла Мэркгефі пасмешлівым і здзіўленым позіркам. Рэакцыя была зразумелая: наўрад ці ў гэтай краіне можна было часта бачыць "людзей" з ненатуральна жоўтай скурай, рагамі ды авечымі вушамі. А гульні ў няшчырасць сёння не мелася быць.
– Вітаю, пані. Чым магу Вам дапамагчы?
– О, Ваша мне дапамагчы вельмі можа. – Мэркгефі гулялася. Яна абсалютна не ведала, як трэба паводзіцца на падобных мерапрыемствах і, пагатове, не было ў яе ніякіх просьбаў і думак. Але яна адчувала, што і самой Агар нудотна. – Шаноўная пані Дарадца, разумееш, я шукаю аднаго вельмі гідкага, хцівага і распуснага чалавека, і ніяк не магу знайсці! На жаль, я нават не ведаю, як назваць яго. А ён мяне вельмі чакае, бо я павінная перадаць яму надта важнае паведамленне. Ці Ваша не падкажа, дзе тут могуць знаходзіцца падобныя асобы?
Шырока ўсміхнулася. Агар адказала тым жа. Імаверна, і яна знайшла ў гэтай сітуацыі пэўную забаву.
– Не ведаю, ці парадую пані, ці, наадварот, – яна абвяла рукой памяшканне, – уся гэтая зала поўніцца імі. Баюся, твае пошукі зацягнуцца. Але, магчыма, я здолею іх трохі палегчыць. Скажыце, чыя Самі пасланка?
– Чыя-чыя? Пана Бога.
Яшчэ шырэй усміхнулася. У Божых дзяцей ёсць адзін велізарны мінус: яны не ўмеюць хлусіць. Але ім гэта і не патрэбна: перад людзьмі яны не маюць ані сораму, ані страху. Нават калі акажацца, што ў гэтым свеце можа існаваць пагроза іхнаму жыццю.
– Бог? Цудоўна. То перадай яму маю няшчырую падзяку за тое, што падарыў мне абавязак быць прысутнай на гэтым мерапрыемстве. Або ён не прымае заявы ад тых, хто ў яго не верыць?
– Ён усё прымае, верыць Ваша ў Яго ці не. Ці не на тое Ён Бог?
– Твая праўда.
"Займальнае дзяўчо. Гарэзлівае, дасціпнае. Відаць, што нетутэйшае, але й не скажаш жа, адкуль".
– Ваша, напэўне, думае, што Ён злы нейкі, зацяты. Гэта зусім няпраўда. А да Вашай Ён пагатоў не можа ставіцца кепска: урэшце, гэта вы надалі Яму сілу.
– Я, няверніца? – Агар сама захапілася гутаркай. Здаецца, абмяняліся толькі парай фразаў, а нібыта цэлую вечнасць гавораць. Дзіўная размова і дзіўная сустрэча. Але Агар мае яшчэ чатыры хвіліны.
– Не Ваша асабіста, – з насмешлівасці Мэркгефі перайшла на больш сур'ёзны тон. – Пані з "Ісхарыевых дзяцей", ці не так?
– Але, я з Ішхрый-еладзім.
Няёмка і напружана. Упершыню за доўгі час Агар засаромелася свайго акцэнту. Няцяжка было зразумець, што яна не з Аварам'ан, але звычайна яна не зважала на заўвагі адносна ейнага народа. Зараз жа нібыта выкрылі ейны ўдзел у якім-небудзь злачынстве.
– Як можа Бог ненавідзець Сваіх першых людскіх дзяцей, якія, цераз усе часы і нягоды, як мае славяць Ягоную веліч?
– Хто ж яго ведае. Гледзячы на тое, што ў свеце адбываецца, не тое каб ён людзей наогул любіць.
– Любіць, любіць, не турбуйся! Ці ж не таму Ён даў роду чалавечаму вольнасць? А калі Яму нешта не да спадобы, ён пасылае нас. Таму я і тутака! Ва ўсялякім разе, дзякую, вашаць Агар. Я цяпер ведаю, куды ісці.
– Была радая дапамагчы.
На бліжэйшы час Агар будзе мець магчымасць забыцца на дзіўную госцю. Трэба вярнуцца да варты. Пані мусіць ужо прыехаць.
Гэтая размова задаволіла Мэркгефі. Агар, на шчасце, не магла бачыць, што за спіной у яе стаяў мужчына, які, жартуючы пра нешта яўна скаромнае з зусім юнай паненкай, часам азіраўся на постаць Дарадцы. Ён быў сярод тых вяльможаў, што бэсцілі яе, але сам тады маўчаў. Цяпер Мэркгефі зразумела, чаму. Яна знайшла распуснага чалавека.
Мэкгефі, вядома, не ўмела імгненна прачытваць челавечыя долі. Аднак людзі вельмі простыя і не ўмеюць хавацца, а законы іхныя амаль не змяняюцца цягам стагоддзяў, таму яна навучылася разумець значэнне тых ці іншых рэчаў.
Гэты мужчына не чалавек, а позірк – гідлівы, калісьці вельмі даўно пажадлівы і расчараваны. Такім позіркам падбіты воўк глядзіць на тхарыцу, якая выслізнула з ягонай пашчы, яшчэ й падкінуўшы яму ў вочы зямлі.
Такім позіркам мужчына мераў грошы, адданыя ім целу жывога мерцвяка, целу, якое прыжылося ў пекле і цяпер, выйшаўшы зноўку на свет Божы, палохала спаленай скурай колішніх наведвальнікаў.
Так, мужчына-позірк быў баязліўцам больш, чым распуснікам.
Але боязь не можа служыць апраўданнем.
Няма нічога больш распуснага, як купляць чалавечую волю. І ўпотай цешыцца, што тваю ахвяру зноў пазбаўляюць асобы.
Няма нічога больш распуснага, як апускацца ўсё ніжэй у сваіх памылках і апраўдваць гэта ўласнай "беднасцю" ды "няшчасцем".
* * *
Бог умее развівацца. Бог умее бачыць Свае памылкі і пазбаўляцца іхных наступстваў, наколькі Яму дазваляе падман людзей. "На ўсё воля Божая" – на ўсё тое, што раптам учыніцца ў гэтым свеце, бо сама чалавечая воля ёсць падараваная Богам. "На ўсё воля Божая" – на ўсё, да чаго Ён здалее дацягнуцца.
Бог умее бачыць Свае памылкі і пазбаўляцца іхных наступстваў. Іншая рэч, што не заўсёды хоча.
Бог не роўна дзеле: мае беды з арыфметыкай. Але й не шукае Сабе настаўнікаў, хоць іх можна знайсці.
* * *
Весялосць працягвалася. А ў кагосьці, здаецца, пачыналася і вяселле; хоць нічога вясёлага ў ім, насамрэч, не было.
Княгіня даўно з'явілася. Госці ўсё яшчэ працягвалі падыходзіць да яе, каб павітацца ды выказаць сваю пашану і, вядома, пахвалу строю. Ён быў таго варты: баваўняная белая кашуля, светла-аранжавы шаўковы з залатой вышыўкай каптан, крысы якога былі падабраныя пад паяс; шырокія даўгія чырвоныя штаны (Мэркгефі мімаволі на іх загледзелася); паверх усяго – тое, што хутчэй можна было б назваць курткай; высокі белы каўпак з вэлюмам. Мэркгефі падумала, што яна таксама мусіла б праявіць павагу да густу Княгіні. Пагатове, што на вочы Агар ужо трапілася, а значыць, трэба выканаць усе законы прыстойнасці. І каб не выклікаць падазрэнняў, і каб чаго-небудзь ды выведаць. Наколькі магчыма. Гэта не было патрэбна для справы, Мэркгефі проста гулялася ў загадкі.
– Шарэт, Найлітасцівейшая Пані Разхат Эфэ-Іліман1, Вашамосць Вялікая Княгіня Аварам'ліш.
– Сарэф, пані.
Мэргефі схамянулася. Вось яно, дзіва навучання: каго першага сустрэнеш, ад таго словаў і набярэш. Яна ўмела размаўляць інтуітыўна (ці не таму яна дачка Бога?), а ўсё ж калі пачуеш нейкія выразы асабіста, то значна лепш запамінаеш іх. Вядома, правільна – "сарэф". Але Агар падала Мэркгефі добры прыклад. Хто ведае, мабыць, не толькі Ішхрый-еладзім маюць такі акцэнт? Яшчэ адна добрая дэталь.
– Пані Разхат, гэта нашая вельмі асаблівая госця, – прагучаў голас Агар. Яна ўсміхалася. Як і мае, яна была поруч са сваёй княгіняй.
– Вельмі асаблівая? Цудоўна. Калі б у нас толькі не было яшчэ каля двух дзясяткаў такіх жа "вельмі асаблівых" гасцей!..
Гэтая скарга была несур'ёзная. Эмацыйнасць дзеля эмацыйнасці; магчыма, такая незвычайная спроба выклікаць прыхільнасць да сябе ў новай суразмоўцы.
Дзіўна, насамрэч, што такім займаецца княгіня.
Зрэшты, такія паводзіны пасавалі ейнай знешнасці, як падумала Мэркгефі. Сама па сабе княгіня была росту сярэдняга, але ў параўнанні з ейнай спадарожніцай выглядала зусім малезнай. Абрысы твару мела мяккія і зграбныя, паўсюль нібыта хвалістыя. Голас у Разхат быў меладычны, досыць упэўнены, па-добраму роўны, па-музычнаму правільны, без ніводнага "нячыстага" тона. І вельмі яскрава адрозніваўся ад голасу Агар: значна ніжэйшага, гучаннем, быццам грукат камення, якое кацілася з гары. Не, ён не быў непрыемным. Але нейкім больш грубым і шурпатым. Крыху хрыплым.
Нібыта тое каменне ціснула ёй у горле.
Але цяпер гэты голас значна памякчэў.
– Княгіня, гэтая пані не падобная ні да кога іншага з тых латруг, што тут сабраліся. Яна кажа, што прыйшла ад самога Пана Бога.
– Дзівосна. Ці не хоча Ён што-небудзь мне перадаць? Што-небудзь, што цяпер было б вартым майго часу?
Гульня, гульня. І ўсе тры гэта разумелі.
– Апроч таго, што Вельмішаноўная Пані ёсць самая пекная жанчына ў свеце і самая міралюбная кіраўніца гэтай дзяржавы за ўсе часы, наўрад ці.
– Ліслівіш.
– Лісліўлю, Вялікая Княгіня. І ведаю, што ў Вашаці яшчэ процьма абавязкаў: сустрэць замежных паслоў, абмеркаваць новую дамову аб супрацы ў выпадку нападу. Праект новай уніі паміж Аварам'ан і Фарзіт'ан, урэшце. А больш нічога не маю. Бывай, бо Бог з Вашамосцю.
– Бывайце.
Пара крокаў – і раптоўнае ўсведамленне:
"Адкуль яна ведае?"
Але Мэркгефі прапала як цень на вадзе.
Весялосць працягвалася. А ў кагосьці, здаецца, пачыналася і вяселле; хоць нічога вясёлага ў ім, насамрэч, не было.
– Але, пане Тэблінадзе, абсалютна немагчыма, каб Самі мелі столькі багацця!
– Даражэнькая мая паненка, усё магчыма ў гэтым блаславёным Танры свеце.
Жвавы дзявочы голас і ціхі, спакойны мужчынскі. Мэркгефі пазнала іх уладальнікаў. Невераемна, як хутка чалавек можа змяніць сваё аблічча, каб дасягнуць патрэбных яму мэтаў.
Пану Тэблінаду на выгляд было гадоў трыццаць пяць. Апратку ён меў нават больш вытанчаную і мудрагелістую, чым Агар, хоць па становішчы вельмі саступаў ёй. У вочы кідаўся парчавы каптан – такога ж фіялетавага колеру, як у Мэркгефі. Галаву мужчыны хаваў цюрбан, хоць сёлета яны не былі ў модзе сярод вяльможаў.
– І няўжо твая душа такая ж багатая, як і скарбніца?
Дзяўчына намагаліся трымацца ўпэўнена і гулліва, хоць было відавочна, што ёй ніякавата і непрыемна. Яна была не старэйшая за сямнаццаць гадоў – зусім юная (Мэркгефі дала такую ацэнку ўзросту паненкі адносна Тэблінада). На дзіва, у адрозненне ад іншых жанчын, яна не насіла звычайных шырокіх штаноў – яе ногі прыкрывала туркусовая шаўковая спадніца, надзетая паверх узорчатай кашулі таго ж колеру і замацаваная кушаком пад цёмна-сінім кабатам.
– Дарагая паненка Фэрай, няма мужчыны з беднай душою. Такую могуць мець толькі жанчыны – на жаль, падобных вельмі шмат. Але ты зусім не такая. Я бачу гэта па твае кемнасці. І я веру тваёй маці, а яна вельмі прыемнае ўяўленне пра цябе стварыла. І я пэўны, ты – менавіта тая, хто патрэбная мне для маёй вялікай мастацкай справы.
– Я не ведаю, пане, наколькі годна гэта – быць чыёйсьці музай і ўзорам.
"Імаверна, ён мастак. А кожнаму мастаку патрэбная натуршчыца".
На твары мужчыны не было і ценю збянтэжанасці.
– Гэта добрая праца, з немалой узнагародай. А наколькі я памятаю, тваёй сям'і патрэбныя грошы, панна Фэрай. Усё ўзгоднена з тваёйй маці. Шчыра кажучы, гэта яна папрасіла мяне знайсці для паненкі занятак. І на гэты яна пагадзілася.
Мэркгефі бачыла, як дзяўчыну скаланула ад расчаравання і жаху. Падаецца, уласная матка хоча яе прадаць. Уласнай матцы трэба яе прадаць.
А вось і "віноўніца" гэтага расчаравання. Худая высокая жанчына, крыху згорбленая. Адзетая амаль гэтаксама ж, як ейная дачка, толькі замест спадніцы – шаўковыя цёмна-зялёныя шаравары, паверх кашулі – доўгі каптан. Выгляду значна таннейшага, чым у Тэблінада.
– Я бачу, вы добра ўжо пазнаёміліся.
Ціхі голас. Кароткая ўсмешка вузкіх вуснаў.
– Так, васпані, вельмі добра. Праўда, твая дачка пакуль не згаджаецца на мае прапановы. Не надта яе турбуе лёс сям'і, відаць.
Фэрай перасмыкнула. Гэта проста лухта, паскудная лухта. Няўжо маці не разумее?.. Няўжо ёй не шкада свае дачкі?..
– Матухна, але гэта ж няпраўда. Мне толькі здаецца, што гэта не такая і лёгкая ды… вартая для мяне работа.
– Тут няма ніякіх каверзаў, дачушка, – жанчына цёпла пасміхнулася. Дарэчы, каб ты крыху палагаднела і ўцешылася: пан Тэблінад прывёз табе падарунак. Зірні.
Тэблінад падышоў да свайго памочніка, які паўсюль хадзіў поруч, і шапнуў яму нешта на вуха. Той вельмі порстка пабег кудысьці (за натоўпам Мэркгефі не заўважыла, куды), і праз якую хвіліну з'явіўся перад Фэрай, трымаючы нешта ў прыкрытых далонях.
– Раскрый іх.
На далонях мужчыны сядзела ярка-блакітная птушка, памерам з яловую шышку. На макаўцы ў яе красаваліся тры доўгія пярынкі: дзве жоўтыя і адна чырвоная.
– Панна, па гэтую дзівосную птушку мне прыйшлося ехаць ажно на другі канец кантынента. Прымі мой дарунак ад усяго чыстага сэрца.
Фэрай спачатку насцярожылася, але ўрэшце любоў да дробных крылатых стварэнняў у ёй перамагла. Яна ўзяла птушку на рукі і далікатна палашчыла яе па шчацэ.
Відаць, птушцы гэта не вельмі спадабалася. Яна спалохана ўзнялася і пачала лётаць вакол галавы дзяўчыны, нібыта намагаючыся залезці той пад валасы, аднак спробы гэтыя былі марнымі. Імаверна, птушка проста збаялася чужога чалавека і такой вялікай прасторы, і таму не знайшла ніякага лепшага рашэння, як схавацца дзе-небудзь у сваёй "крыўдзіцелькі". Фэрай спужалася і, зразумеўшы, што лавіць птушку ў такім становішчы – безнадзейная справа, вырашыла проста "ўцячы" крыху ўбок, каб гэтая няшчасная істота сунялася і, калі пашанцуе, сама вярнулася да Тэблінада або ягонага памочніка.
Шкада толькі, што строй Фэрай не быў прыдатны для імклівых і рэзкіх рухаў. Яна прыпадняла краі спадніцы да калена, каб адскочыць улева такім чынам, што птушка не памкнулася б следам. Птушка сапраўды адчапілася ад валосся паненкі.
"Божухна, што за блазанства? І для гэтага Ты паслаў мяне сюды, каб я назірала, як дзяўчо і птушка змагаюцца ў спаборніцтве, хто больш злякаецца? Альбо Ты хацеў, каб я перадала Табе, што тутэйшыя людзі ўсё яшчэ прадаюць сваіх дачок? Божухна, што за блазанства?"
На хвіліну Мэркгефі адарвалася ад свайго пільнага нагляду, а птушка ўжо была пад спадніцай дзяўчыны. Тая ледзьве не млела ад жаху, спрабуючы выгнаць надакучлівую лятучую дрэнь і разам з тым на зганьбіцца перад навакольнымі.
"Божа, Ты жартуеш. Ты здзекуешся з мяне".
Пачуўся знаёмы мужчынскі голас:
– Панна, супакойся, калі ласка, і стань на месцы, я паспрабую злавіць яе.
"Божухна! За што? Хочаш сказаць, я мушу назіраць, як нейкі мярзотнік будзе абмацваць ногі – балазе, калі толькі ногі – той, хто зусім нядаўна была толькі падлеткай? Няма ўжо сілаў маіх".
Мэркгефі пакрочыла да занепакоенай тройцы і шпарка прамовіла:
– Не трэба, пане. Дай мне хвілінку.
І яна зацілікала, быццам сама была птушкай. Рух пад адзеннем спыніўся і ўсё замерлі, чакаючы, што будзе. Фэрай паволі падняла падол спадніцы, і птушка апынулася на такой ёю жаданай волі. Мэркгефі ўзяла яе ў свае далоні.
– Дзякуй, дзякуй, добрая пані! Я баялася, што знепрытомнею праз гэтую нягодніцу.
– Вялікі дзякуй, шаноўная пані. Я не ўяўляю, што б мы рабілі з гэтай брыдою.
Мэркгефі прыязна ўсміхнулася.
– Прынялі б прапанову пана Тэблінада, вядома.
Абедзьве разгубіліся. І абедзьве зразумелі, што гэта быў бы велізарны сорам для іх. І што падзяка ды апраўданне каштавалі б большага.
– Дзякую Вашаці.
Ізноў той жа расчараваны позірк. Але Бог любіць паўторы.
– Гэта быў не надта ўдалы спосаб дамагчыся свайго, пане. Калі Самі хацелі ўзяць маладое плоці, варта было прыдумаць нешта складанейшае.
Тэблінад сцяў сківіцы, ягоныя вочы шырока раскрыліся. Было, вядома, непрыемна, што ён не дасягнуў сваёй мэты. Але больш прыкра было, што яго выкрылі.
– А табе, пані, я б не раіла давяраць гэтым рукам. Зірніце ж, яны раскладаюцца!
Усе са здзіўленнем паглядзелі на далоні Тэблінада. Пальцы яго былі асмаленымі, і з іх нібыта крышыліся кавалкі скуры. А каля запясця месціўся невялікі апёк.
"Божа, часам я Цябе ненавіджу. Калі б Ты толькі сказаў мне пра свае намеры адразу, я б так слаўна гэта ўсё выкруціла! Аднак Ты сам несумленны гулец, бацьку. Хоць гэта было цікава".
– Не можа быць. Гэтага не можа быць, шаноўныя, я вам клянуся, што гэтага не было!
– Было ці не было, але твае рукі раскладаюцца, пане.
* * *
Калі жывёліна харчуецца падлай, ці не становіцца яна сама такой жа? Жыццё ліецца, а для кагосьці – кульгае, і чым болей крокаў, чым болей сточаных зубоў і кіпцюроў, тым больш ногі развальваюцца, крылы развальваюцца, рассыпаецца бруха, і тым цяжэй становіцца бегаць. Не паспець да забітага, не здагнаць жывога – жывое ўцякае, і нават калі стаіць на месцы, дык вочы не бачаць, дзюба не ўколе і не тне, і прыляціць нехта: ці матка, ці бацька, ці драпежнік – дый выганіць.
Ляці, галубка, на сваё шчасце і ясную долю.
Галоўны драпежнік падлай таксама часам не грэбуе.
* * *
"Дык вось, Божа, ці Ты паслаў мяне туды, каб я назірала, як дзяўчо і птушка змагаюцца ў спаборніцтве, хто больш злякаецца? Альбо Ты хацеў, каб я перадала Табе, што тутэйшыя людзі ўсё яшчэ прадаюць сваіх дачок?"
"І, Божа, чаму Ты адразу не кажаш мне пра свае намеры?"
– Так, Я паслаў цябе туды, каб пабачыць, якія законы дагэтуль захавалі людзі. І Я пабачыў, што, сапраўды, яны не змяняюцца.
– І я не казаў табе пра свае намеры, бо Я сляпы, донька мая, Мэркгефі-Да-Цахель. У людскім свеце ты – Мае вочы, ты – Мой розум, і ты – Мае рукі. Я сляпы без вас, дзеці Мае.
"Добра, бацьку. А калі я скажу, што ледзьве не ўзненавідзела цябе сёння, ці будзеш ты злавацца на мяне?"
– Не, Я не буду злавацца на цябе. Я даўно не злуюся ні на вас, ні на людзей, нават на тых нягодных.
"То чаму ты пасылаеш нас да іх, калі не злуешся?".
– Бо Мне цікава, як жывуць другія, і трэція, і чацвёртыя – усе дзеці Мае, і Я хачу наведаць іх як дзяцей Маіх. Бо Я сляпы і Я амаль безуладны там.
"Ты хлусіш, бацьку. Ты ўсё бачыш".
– Няхай так, але рук у Мяне няма, донька.
"Але ж у цябе ёсць рукі. Чаму ты кажаш, што іх няма?".
– Бо яны перасталі верыць у Мяне.
"Ты зноў хлусіш, бацьку. Яны вераць у Цябе".
– Але Я не адчуваю іхнай любові, донька. А як можна мець уладу над тым, што не любіць цябе?
"Але яны любяць Цябе, бацьку".
– То Мне трэба запэўніцца ў гэтым.
"Добра, бацьку, я дам Табе запэўніцца ў гэтым. Але цяпер я стамілася, бацьку".
– Я чую цябе, донька. Я таксама стаміўся.
"Ад чаго ж ты?.."
– Я стаміўся ад безуладнасці, донька.
"Я чую цябе, бацьку. А я стамілася ад улады".
* * *
І яна заснула
на грудзях Бога,
свайго Бацькі-Бога.
І Бог заснуў
на грудзях той,
што была,
ёсць
і будзе,
і называецца
Душа.
