Chapter Text
Не дзіва, што яны ўпершыню сутрэліся на полі бою - а дзе яшчэ ім было сустрэцца? Светланосцы і мондштацкія рыцары акружылі чарговую групу пачвар Дзікага Палявання, адны насупраць іншых. І вось тады Ілуга ўпершыню ўбачыў гэтую дзіўную тактыку аднаго з атрадаў. Напачатку яму падалося, што аднаго з рыцараў захапіла Дзікае Паляванне, а яго паплечнікі намагаліся забіць небараку з арбалетаў і ружжаў, каб сам не пакутваў і ім не замінаў. Ілугу было не прывыкаць да падобнага, але ў разгары бою не было часу думаць пра гэта даўжэй, чым засмуціцца на пару імгненняў.
Але потым у нейкае імгненне адзін з монстраў - буйны і жудасны, у Ілугі ад яго выцця кроў штораз стыла, колькі бы разоў ён з такімі ні сутыкаўся, - замахнуўся на яго сваёй лапай-лязом. Ілуга заўважыў гэта надта позна, паўнавартасна ўхіліцца ўжо не атрымлівалася, і заставалася толькі маліцца Куутар, што рана будзе не смяротнай, а проста стане чарговым шнарам. Ён мімаволі заплюшчыў вочы, чакаючы ўдару...
Але замест болю ён адчуў мярзотны “чвяк”, а праз некалькі імгненняў нешта з грукатам абрынулася зусім побач з Ілугам. Расплюшчыўшы адно вока, ён яшчэ паспеў убачыць, як рассейваюцца рэшткі таго самага монстра, які мог бы яго забіць. А за ім стаяў той самы рыцар, у якога стралялі іншыя рыцары. Дакладней - цяпер Ілуга здагадаўся - рыцары стралялі не ў яго, а ў монстраў вакол яго, пакуль ён адцягваў на сябе іх увагу. У яго захапіла дыханне ад такой самаадданасці рыцара. З яго бы пэўна выйшаў добры Светланосец.
Тым часам рыцар адным зграбным рухам левага пляча паправіў плашч, а правай рукой ямчэй перахапіў дзіду, на якой яшчэ заставалася фіялетавая кроў. Той жа самай кроўю было перапэцкана рыцарскае ўбранне - але чамусьці гэта не рабіла яго брыдкім, хутчэй наадварот, сведчыла пра баявыя заслугі лепш за любыя медалі. Позірк Ілугі зачапіўся за завушніцу рыцара - што ж, аргумент для старога, каб больш не лаяўся на сына за парушэнне тэхнікі бяспекі, вось жа, нават мондштадцы чапляюць у бой завушніцы.
А потым яны сустрэліся позіркамі - і Ілуга зразумеў, што ўсё ж застанецца на гэтым полі, з сэрцам працятым не пачварнымі кіпцюрамі, але рыцарскай зброяй. Мімалётны позірк, нядбайная ўсмешка - і рыцар, узмахнуўшы плашчом, зноў кінуўся ў бой, нібыта й не заўважыўшы Ілугу. Або ўсё ж такі заўважыў і, перш чым пабегчы далей, пераканаўся, што Светланосец цэлы - чамусьці Ілугу вельмі хацелася ў гэта верыць, што той рыцар з акрываўленай дзідай не толькі пераканаўся, што ён не монстр...
- Малады спадар, вы ў парадку? - рука ў скураной пальчатцы апусцілася на плячо Ілугі, а мяккі голас далікатна вярнуў у рэальнасць - поўную крыкаў, лязгу металу і рыкання пачвар Дзікага Палявання.
- Так, Флінс, усё добра, - Ілуга толькі цяпер усвядоміў, што ўвесь гэты час затрымліваў дыханне, таму прыйшлося аддыхацца. - Мяне выратавалі, цяпер усё добра.
Ён таксама перахапіў дзіду ямчэй і кінуўся да групы монстраў, якія, відаць, страцілі свайго лідара і цяпер бессэнсоўна кідаліся на ўсіх запар. Але яшчэ з паўхвіліны Ілуга адчуваў на сваёй патыліцы пільны позірк залацістых вачэй...
